26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі рэалізацыі праграм інфарматызацыі ў 2015 годзе, сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны за мінулы год абмеркаваны сёння на пасяджэнні калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, памочнік Прэзідэнта Усевалад Янчэўскі, кіраўніцтва Нацыянальнага банка, міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі вядучых IТ-кампаній, паведамілі БЕЛТА ў міністэрстве.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў у сваім дакладзе праінфармаваў, што па выніках 2015 года выкананы ўсе ўстаноўленыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця для галіны сувязі, арганізацыі сістэмы Мінсувязі рэалізавалі бізнес-планы развіцця па асноўных крытэрыях - чыстым прыбытку і рэнтабельнасці продажаў.
Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін пазітыўна ацаніў вынікі работы галіны сувязі ў 2015 годзе і даручыў распрацаваць план першачарговых мер па актывізацыі работы ў сферы электроннага ўрада.
Актыўнае ўкараненне дзяржавай ІКТ высока ацэнена ў свеце. "За апошні час нашай краіне ўдалося апярэдзіць усе краіны СНД па развіцці ІКТ. Аб гэтым сведчаць рэйтынгі Міжнароднага саюза электрасувязі. Беларусь заняла 36-е месца са 167 краін і сур'ёзна апярэджвае Расію і Казахстан. Але зрабіць трэба на парадак больш. У Беларусі ёсць усе шанцы стаць лідарам ва Усходняй Еўропе", - адзначыў Усевалад Янчэўскі.
Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко выказаў меркаванне, што сёння інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі не проста ўплываюць на эканоміку і грамадскія працэсы, а з'яўляюцца вызначальным фактарам развіцця. "Ідзе глабальная трансфармацыя ўсіх без выключэння сфер дзейнасці чалавека. Гатоўнасць да гэтых змен - залог будучыні краіны", - сказаў ён.