23 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС будзе вырашацца на ўзроўні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках Еўразійскага міжурадавага савета.
"На пазачарговым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое прайшло 23 красавіка ў фармаце відэаканферэнцыі, былі разгледжаны апошнія няўзгодненыя пытанні праекта стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, - праінфармавалі ў ЕЭК. - Па трох пытаннях міжурадавы савет прыняў фармулёўкі, выпрацаваныя членамі Савета ЕЭК 20 і 22 красавіка. Астатняе пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС будзе вырашацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў саюза".
"Узгоднены пазіцыі бакоў па трох пытаннях - вельмі спрэчных, цяжкіх, але знайшлі кансэнсус, - адзначыў старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч. - Першае - гэта лібералізацыя міжнародных аўтамабільных перавозак. Другое - выпрацоўка гібкіх механізмаў мэтавага садзейнічання эканамічнаму развіццю. Трэцяя група пытанняў - аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя. Па пытанні тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу саюза было праведзена таксама некалькі разглядаў. Узгодненага рашэння, фармулёвак, на жаль, не выпрацавана".
На пасяджэнні Міжурадавага савета прэм'ер-міністры краін ЕАЭС агучылі свае пазіцыі па гэтым пытанні, пасля чаго было вырашана вынесці яго на разгляд Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. "Плануецца, што на чарговым пасяджэнні 19 мая кіраўнікі дзяржаў саюза зацвердзяць стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года", - дадалі ў ЕЭК.