22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук разлічвае на актывізацыю беларуска-бельгійскіх міжпарламенцкіх кантактаў. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Федэральнага парламента Бельгіі, кіраўніком секцыі па сувязях з Беларуссю ў рамках бельгійскай групы ў Міжпарламенцкім саюзе Ёлін Ван Камп, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віцэ-спікер выказаў меркаванне, што ва ўзаемадзеянні парламентарыяў Беларусі і Бельгіі надыходзіць новы этап. "І я вельмі разлічваю, што мы вернемся да таго перыяду, калі нашы міжпарламенцкія адносіны былі вельмі актыўнымі", - прызнаўся Баляслаў Пірштук. Паводле яго слоў, яшчэ зусім нядаўна, некалькі гадоў таму, кантакты падтрымліваліся на добрым узроўні і шмат што рабілася для іх агульнага развіцця.
Баляслаў Пірштук таксама выказаў надзею, што, нягледзячы на непрацяглы візіт, бельгійскія парламентарыі змогуць правесці ў Беларусі плённыя сустрэчы, азнаёміцца з краінай і скласці аб ёй аб'ектыўнае ўяўленне. "Для нас Бельгія з'яўляецца добрым, пазітыўным арыенцірам. І не толькі таму, што Брусель - гэта палітычная сталіца ў Еўропе, але яшчэ і таму, што ў вас вельмі добрая эканоміка, высокі ВУП, вельмі высокая якасць жыцця людзей", - заўважыў віцэ-спікер.
Паводле яго слоў, уплыў бельгійскага боку на сітуацыю ў Еўрасаюзе і на еўрапейскай прасторы ў цэлым даволі моцны. "І я ўпэўнены: калі мы пачнём актыўней працаваць, зможам аказваць пазітыўны ўплыў на сітуацыю на Еўрапейскім кантыненце", - сказаў Баляслаў Пірштук. Беларусь ужо зрабіла першыя крокі ў гэтым напрамку: у ліпені 2017 года ў Мінску прайшла летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. "У нас была добрая магчымасць узаемадзейнічаць, у тым ліку з дэпутатамі Бельгіі, і я павінен сказаць, што па многіх пазіцыях мы знайшлі агульнае разуменне", - праінфармаваў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.
Ёлін Ван Камп прызналася, што Мінск зрабіў на яе добрае ўражанне. Візіт бельгійскай дэлегацыі ў Беларусь яна разглядае як добрую магчымасць абмяняцца меркаваннямі, вывучыць палітычную сістэму краіны, якая адрозніваецца ад бельгійскай. Дэпутат таксама дадала, што ад запланаваных сустрэч чакае плённага абмену думкамі, "паколькі Беларусь - гэта важная краіна, у тым ліку з геаграфічнага пункту гледжання і з пункту гледжання іншых пазіцый".