23 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Кубы ў сумеснай заяве пацвердзілі саюзніцкі характар адносін паміж краінамі. Дакумент падпісаны па выніках праведзеных у Мінску афіцыйных перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Абодва лідары таксама пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і Кубай у розных галінах, уключаючы палітычную, гандлёвую, эканамічную, прамысловую, сельскагаспадарчую, адукацыйную і навукова-тэхнічную сферы.
Адзначана высокая ступень супадзення пазіцый дзвюх дзяржаў па большасці пытанняў глабальнага парадку дня, станоўча ацэнена актыўная работа ўрадаў па развіцці міждзяржаўных сувязей у ключавых сектарах эканомікі.
Выказана гатоўнасць і далей ствараць спрыяльныя ўмовы для эканамічнай, фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці, падтрымліваць развіццё прамых адносін паміж камерцыйнымі структурамі, галіновымі міністэрствамі, ведамствамі і арганізацыямі Беларусі і Кубы.
Бакі адзначылі важнасць далучэння Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў кантэксце ўмацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Куба выказала сваю падтрымку афармленню членства Беларусі ў СГА ў час XII Міністэрскай канферэнцыі СГА, якая пройдзе ў чэрвені 2020 года ў Нур-Султане.
Пасля завяршэння перагавораў кіраўнікоў дзяржаў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў. У іх ліку мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі, праграма развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай у сферы вышэйшай адукацыі на 2019-2021 гады, выканаўчая праграма беларуска-кубінскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2020-2022 гады, пагадненне паміж БЕЛТА і Лацінаамерыканскім інфармацыйным агенцтвам "Прэнса Лаціна" аб абмене інфармацыяй.