3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы рабочы візіт прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) Петэра Маўрэра ў Беларусь адбудзецца 7-9 лістапада. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Плануецца, што Петэр Маўрэр правядзе сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, акадэмічнай супольнасці.
У Міністэрстве замежных спраў пройдзе цырымонія падпісання пагаднення паміж Беларуссю і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа аб статусе, прывілеях і імунітэтах МКЧК у рэспубліцы. Дакумент дасць магчымасць арганізацыі адкрыць прадстаўніцтва ў Мінску.
Акрамя таго, у час знаходжання ў Беларусі кіраўнік МКЧК прыме ўдзел у адкрыцці шостага рэгіянальнага семінара Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права.