6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўнікі Беларусі і Кітая абмяняліся вопытам забеспячэння грамадскага парадку пры масавых мерапрыемствах, паведамілі БЕЛТА ў МУС.
Беларусь наведала дэлегацыя Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая на чале з намеснікам начальніка Дэпартамента па кантролі за дысцыплінай Пэн Мінхаем. Госці сустрэліся з супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС. "У час сустрэчы размова ішла аб розных аспектах практычнага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, разглядаліся тэмы выяўлення і спынення правапарушэнняў, учыняемых супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а таксама ажыццяўлення кантролю за арганізацыяй дзяржаўнай аховы службовых асоб і іх блізкіх, - расказалі ў МУС. - Бакі абмяняліся вопытам работы ў забеспячэнні грамадскага парадку ў час правядзення вялікіх масавых мерапрыемстваў, выкараненні карупцыі, падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў".
Начальнік галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС Андрэй Паршын адзначыў, што адносіны паміж дзвюма краінамі выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і імкліва развіваюцца як у палітычнай і эканамічнай, так і ў праваахоўнай галіне. Падпісаны ў мінулым годзе Пратакол аб узаемадзеянні паміж МУС Беларусі і МГБ КНР на 2017-2018 гады стаў важным дапаўненнем міжведамаснай нарматыўнай прававой базы.
У сваю чаргу Пэн Мінхай падкрэсліў важнасць гэтай сустрэчы і дадаў, што беларускіх і кітайскіх праваахоўнікаў звязваюць дружалюбныя адносіны, якія бакі маюць намер развіваць у далейшым. Паводле слоў кіраўніка кітайскай дэлегацыі, цяперашні візіт у Беларусь якраз прадугледжвае замацаванне дасягнутых дамоўленасцей.