13 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Палітычных праблем у прызнанні кавід-сертыфікатаў з РФ няма, тэхнічна пытанне будзе вырашана ў бліжэйшы час. Аб гэтым заявіў журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч сёння ў Маскве ў час пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Безумоўна, гэта тэхнічны кампанент, але ён звязаны з рознымі інфармацыйнымі платформамі і мае свае цяжкасці, - сказаў міністр, каменціруючы тэму ўзаемнага прызнання сертыфікатаў. - Але я думаю, што палітычна пытанне ўзгоднена, тэхнічна мы гэта пытанне павінны вырашыць у бліжэйшы час".
Дзмітрый Піневіч адзначыў, што пытанне прызнання кавід-сертыфікатаў важнае ў тым ліку для забеспячэння адкрытасці граніц паміж Беларуссю і Расіяй. Пры гэтым ён канстатаваў, што пераважная доля вакцынаваных жыхароў Беларусі прышчэплена ад COVID-19 расійскай вакцынай.
Міністр нагадаў, што ў Беларусі ажыццяўляецца поўны цыкл вытворчасці "Спадарожнік V". Ён дадаў, што пытанне ўзаемнага прызнання сертыфікатаў звязана не толькі з забеспячэннем свабоднага перамяшчэння грамадзян, але і з развіццём гандлю паміж дзвюма краінамі, нарошчваннем тавараабароту.
Удзел у пасяджэнні сумеснай калегіі ў Маскве таксама прымаюць міністр аховы здароўя РФ Міхаіл Мурашка, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка. Асноўная тэма калегіі - удасканаленне сістэмы кантролю якасці медыцынскай дапамогі.