24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяты раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" (УП) пройдзе 29 чэрвеня ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
"Пад старшынствам Беларусі 29 чэрвеня ў Мінску пройдзе пяты раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства", які будзе ўключаць два кампаненты: сустрэчу міністраў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і сустрэчу міністраў замежных спраў краін - удзельніц УП", - растлумачылі ў ведамстве.
Акрамя кіраўнікоў прыродаахоўных ведамстваў краін-партнёраў, у сустрэчы міністраў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя прымуць удзел еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні Ёханес Хан, еўракамісар па навакольным асяроддзі, марской палітыцы і рыбалоўстве Кармену Вела і дзяржаўны сакратар міністэрства навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця Латвіі Гунціс Пукіціс.
У Мінпрыроды Беларусі падкрэслілі, што яны разглядаюць дыялог Беларусь-ЕС па пытаннях навакольнага асяроддзя як важную і канструктыўную пляцоўку для вырашэння экалагічных праблем, атрымання экспертнай і міжнароднай тэхнічнай дапамогі. "Спадзяёмся, што правядзенне ў Мінску сустрэчы міністраў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя ў час нефармальных міністэрскіх дыялогаў УП з удзелам высокапастаўленых прадстаўнікоў еўраструктур унясе істотны ўклад у развіццё дыялогу з Еўрапейскім саюзам", - канстатавалі ў прыродаахоўным ведамстве.
Нефармальныя міністэрскія дыялогі краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" на ўзроўні міністраў замежных спраў і кіраўнікоў галіновых міністэрстваў праводзяцца з 2012 года. Да гэтага часу адбылося чатыры раўнды - у Кішынёве (чэрвень 2012 года, без галіновага кампанента), Тбілісі (люты 2013 года, транспарт), Ерэване (верасень 2013 года, адукацыя) і Баку (верасень 2014 года, энергетыка). Асноўная мэта нефармальных міністэрскіх дыялогаў - прадастаўленне платформы для рэгулярнага адкрытага абмену думкамі па актуальных пытаннях дзейнасці УП і міжнародным парадку дня. Прыняцце якіх-небудзь падагульняючых дакументаў або заяў не прадугледжваецца.