17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа выступаць узорам для многіх краін свету ў сферы абароны правоў людзей з інваліднасцю. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Савет Рэспублікі адобрыў новую рэдакцыю закона аб абароне правоў інвалідаў, які ў хуткім часе будзе прадстаўлены на подпіс кіраўніку дзяржавы. Прадугледжаны дадатковыя абавязацельствы дзяржавы па далейшай сацыялізацыі і інклюзіі людзей з інваліднасцю. "Гэтыя абавязацельствы выконваліся і будуць выконвацца няўхільна. Мы разам з усімі зацікаўленымі ў цеснай міжведамаснай рабоце рэалізуем усё, каб людзі маглі ганарыцца тым узроўнем сацпадтрымкі і інклюзіі, якая арганізавана ў Беларусі. Мы можам выступаць узорам для многіх краін свету", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.
Сёння, 17 чэрвеня, прайшло выязное пасяджэнне рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў. "Да яго загадзя рыхтавалася маніторынгавая група з ліку зацікаўленых і прадстаўнікоў спецыялізаваных грамадскіх арганізацый. Быў праведзены маніторынг васьмі раёнаў Гродзенскай вобласці на прадмет арганізацыі безбар'ернага асяроддзя і сацыялізацыі людзей з інваліднасцю. Інфармацыя была атрымана ад людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць у тых ці іншых рэгіёнах", - расказаў Ігар Петрышэнка.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што адпаведныя міжведамасныя саветы пад кіраўніцтвам намеснікаў старшынь райвыканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу, створаны ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. "Актыўна ўключаны ў гэты працэс спецыялізаваныя арганізацыі, у якіх выбудавана сістэма дапамогі ад самага нараджэння дзіцяці. Створана шэсць цэнтраў ранняга ўмяшання, дзе дзеці да трох гадоў праходзяць рэабілітацыйныя мерапрыемствы, - канстатаваў намеснік прэм'ер-міністра. - Пры дасягненні паўналецця гэтыя асобы пераходзяць у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы сёння на практыцы паглядзелі на дзейнасць раённага цэнтра, наведалі ўсе аб'екты і ўбачылі, як арганізавана работа па максімальным уключэнні гэтых людзей у рэабілітацыю".
Ігар Петрышэнка падкрэсліў важнасць рэабілітацыі дзяцей на ранняй стадыі. "Для нас важны такія пілотныя праекты, каб рэалізаваць комплексны падыход па рэабілітацыі ад моманту паступлення да выпіскі здаровага чалавека. Сёння такая прапанова прагучала, мы яе ўлічым і сфармулюем у рашэнні камісіі. Таксама мы паглядзелі, як арганізаваны і ўключаны ў гэтыя працэсы ўстановы культуры: дзеці актыўна займаюцца там, акрамя тых рэабілітацыйных мерапрыемстваў, якія праходзяць па лініі адукацыі і аховы здароўя. Водзывы бацькоў, якія выхоўвалі дзяцей-інвалідаў, і людзей з абмежаванымі магчымасцямі пацвярджаюць: у краіне для іх робіцца многае".