14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэці раўнд беларуска-катарскіх кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў адбыўся сёння ў горадзе Доха, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў абмеркаваў з намеснікам міністра замежных спраў Катара па пытаннях міжнародных адносін Махамедам бен Муцібам бен Абдалой аль-Румейхі стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама найбольш актуальныя пытанні сітуацыі ў рэгіёнах Блізкага Усходу, Усходняй Еўропы і СНД.
Бакі разгледзелі канкрэтныя меры для прадаўжэння палітычнага дыялогу, нарошчвання двухбаковага тавараабароту, абменаў візітамі дзелавых колаў, прыцягнення інвестыцый, удасканалення дагаворна-прававой базы і ўзаемнай падтрымкі ў міжнародных арганізацыях. Па выніках кансультацый кіраўнікі дэлегацый адзначылі супадзенне або блізкасць пазіцый па большасці абмеркаваных пытанняў.
Акрамя таго, Валянцін Рыбакоў правёў цырымонію афіцыйнага адкрыцця пасольства Беларусі ў Дзяржаве Катар. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі знешнепалітычнага ведамства Катара і кіраўнікі шэрага дыпламатычных місій.