29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў 28 сакавіка ў Буэнас-Айрэсе абмеркаваў з першым намеснікам міністра замежных спраў Аргенціны Педра Раулем Дэльгада перспектывы дыялогу паміж Беларуссю і Паўднёваамерыканскім агульным рынкам (МЕРКОСУР), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Бакі абмеркавалі ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з развіццём двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Аргенцінай. Асаблівая ўвага ўдзелена арганізацыі ўзаемнага абмену візітамі афіцыйных дэлегацый і прадстаўнікоў дзелавых колаў, далейшаму пашырэнню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. "Разгледжаны перспектывы дыялогу па лініі Беларусь - МЕРКОСУР, узаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях. Адбыўся абмен меркаваннямі па актуальных праблемах міжнароднага парадку дня", - адзначылі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У прэс-службе МЗС расказалі таксама аб сустрэчы з кіраўніцтвам нацыянальнага дырэктарата па двухбаковых эканамічных адносінах МЗС Аргенціны на чале з Даніэлем Польскім. Тут абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферы.-