28 сакавіка, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Першую электраэнергію, выпрацаваную на блоку нумар 1 Беларускай АЭС, плануецца выдаць у сетку ў IV квартале 2019 года, паведаміў сёння беларускім і расійскім журналістам у час прэс-туру на АЭС начальнік рэактарнага цэха станцыі Аляксандр Канюка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер на першым блоку вядуцца мантажныя работы. Яны завершаны на 90 працэнтаў. "Усё асноўнае рэактарнае і турбіннае абсталяванне ўстаноўлена, пачынаюцца паслямантажныя прамыўкі", - растлумачыў Аляксандр Канюка.
Летам бягучага года павінны пачацца гідраўлічныя выпрабаванні з цыркуляцыйнай прамыўкай. У корпус рэактара будзе ўстаноўлена імітацыйная зона (імітуе рэальнае ядзернае паліва), контур запоўняць абяссоленай вадой, затым будуць уключаны помпавыя агрэгаты. Вада першага контуру будзе прагрэта да неабходных параметраў, адначасова будзе павышацца ціск. "Гэта дасць магчымасць пацвердзіць надзейнасць і трываласць мантажу галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, пасля чаго мы выходзім на наступную фазу - комплекснае выпрабаванне абсталявання і гарачую абкатку. Г. зн. мы ствараем неабходныя праектныя характарыстыкі работы сістэм і абсталявання і пацвярджаем іх працаздольнасць. Гэта адна з завяршальных стадый пры падрыхтоўцы да запуску блока", - расказаў начальнік рэактарнага цэха.
Ядзернае паліва павінна быць завезена ў канцы бягучага года. Ад расійскага завода-вытворцы на пляцоўку ў Астравец яго плануецца транспартаваць чыгуначным транспартам.
Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў снежні 2019 года, другі - у ліпені 2020-га.