9 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 9 сакавіка сустрэўся ў Маскве з членам калегіі МЗС Расіі, рэктарам Дыпламатычнай акадэміі Аляксандрам Якавенкам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
"На сустрэчы абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай кадраў для сістэмы органаў беларускай дыпламатычнай службы, а таксама супрацоўніцтва з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, - расказалі ў прэс-службе. - Дзмітрый Крутой падзякаваў расійскаму боку за шматгадовую практыку падрыхтоўкі ў Дыпакадэміі высакакласных спецыялістаў для нашай краіны".
Пасол канстатаваў, што ў Беларусі сфарміравалася ўласная моцная школа падрыхтоўкі работнікаў у сферы міжнародных адносін. "Разам з тым мы адзначаем эфектыўнасць і запатрабаванасць супрацоўніцтва з вядомымі расійскімі ВНУ ў сферы падрыхтоўкі кадраў для Міністэрства замежных спраў, асабліва ў частцы спецыялістаў з рэдкімі замежнымі мовамі", - падкрэсліў ён.
Дзмітрый Крутой таксама праінфармаваў Аляксандра Якавенку аб станоўчым вопыце кароткатэрміновых стажыровак без адрыву ад вытворчасці. Бакі канстатавалі, што на гэтым этапе такі фармат супрацоўніцтва можа быць найбольш аптымальным.
Пасол прапанаваў у якасці практычнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей разгледзець магчымасць падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання і ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі. Ён паведаміў аб ініцыятыве Белдзяржуніверсітэта аб заключэнні пагаднення па акадэмічным супрацоўніцтве, падрыхтоўцы ў аспірантуры і дактарантуры, павышэнні кваліфікацыі; экспертным, навуковым супрацоўніцтве па міжнародным навуковым парадку дня.
"Бакі высока ацанілі патэнцыял супрацоўніцтва Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі. Пасол пацвердзіў зацікаўленасць кіраўніцтва Акадэміі кіравання ў актывізацыі супрацоўніцтва з расійскай ВНУ, у першую чаргу ў пытаннях удзелу выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў і слухачоў Акадэміі кіравання і Дыпламатычнай акадэміі ў міжнародных канферэнцыях, што праводзяцца ў навучальных установах. У прыватнасці, у другой палавіне 2023 года чакаецца правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Падрыхтоўка кадраў эканамічнай дыпламатыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз", - адзначылі ў прэс-службе.
"Бакі пацвердзілі гатоўнасць супрацоўнічаць і ў арганізацыі ўзаемных кароткатэрміновых стажыровак выкладчыкаў навучальных устаноў, у прыватнасці, запрашэнні вядучых выкладчыкаў Дыпламатычнай акадэміі ў Акадэмію кіравання для чытання лекцый і спецыяльных курсаў па пытаннях знешняй палітыкі і эканамічнай дыпламатыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі", - дадалі ў пасольстве.
Паводле інфармацыі на сайце МЗС РФ, Аляксандр Якавенка запрасіў Дзмітрыя Крутога выступіць у Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі ў зручны для яго час перад слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам.