27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Павел Уцюпін правёў сустрэчу з кіраўнікамі беларускіх этнакультурных аб'яднанняў Астаны, Заходне-Казахстанскай, Усходне-Казахстанскай, Паўночна-Казахстанскай і Мангістаўскай абласцей. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускім пасольстве ў Казахстане.
У час дыялогу кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва павіншаваў старшыню Беларускага культурнага цэнтра "Радзіма" горада Астана Дзмітрыя Астаньковіча з прысуджанай яму ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан дзяржаўнай узнагародай медалём "Шапагат" за заслугі ва ўмацаванні міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі.
Павел Уцюпін праінфармаваў аб выніках супрацоўніцтва з Казахстанам у сферы знешнегандлёвай і гуманітарнай дзейнасці. Ён акрэсліў перспектывы і напрамкі развіцця ўзаемадзеяння з казахстанскім бокам. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны мерапрыемствы, запланаваныя пасольствам у 2023 годзе.
Кіраўнікі аб'яднанняў падзяліліся вопытам работы, а таксама планамі па правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да маючых адбыцца значных дзяржаўных свят Беларусі і Казахстана.