27 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пройдзе ў Мінску 19 мая з удзелам кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС. Тады ж адбудзецца I Еўразійскі эканамічны форум. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік Калегіі ЕЭК прапанаваў кіраўніку беларускай дзяржавы правесці абодва мерапрыемствы ў названы тэрмін у Мінску, і Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў. Акрамя прэзідэнтаў краін ЕАЭС, да ўдзелу плануецца запрасіць першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у бліжэйшы час будзе створаны аргкамітэт па правядзенні пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ён мае намер прапанаваць прэм'ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу ўзначаліць структуру.
Да ўдзелу ў эканамічным форуме плануецца шырока далучыць бізнес-супольнасць. "Каб абмеркаваць, як палепшыць камунікацыю паміж суб'ектамі гаспадарання ў ЕАЭС, каб канкурэнцыя была добрасумленная без штучна ствараемых перашкод", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Акрамя таго, у Мінску 9-10 красавіка пройдзе пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета. У той жа час адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная Мэтам устойлівага развіцця. Міхаіл Мясніковіч плануе сустрэцца з нацыянальным каардынатарам Беларусі па дасягненні МУР Анатолем Ісачанкам.