2 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 3 сакавіка ў Маскве, уключае 11 пытанняў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Крамля.
Асноўную ўвагу плануецца ўдзяліць двухбаковаму супрацоўніцтву ў гандлёва-эканамічнай сферы. У прэс-службе адзначылі, што Расія з'яўляецца асноўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі.
Пад уплывам неспрыяльнай знешняй кан'юнктуры ўзаемны тавараабарот па выніках 2014 года знізіўся на 5,3 працэнта (у параўнанні з паказчыкамі 2013 года), склаўшы $37,6 млрд. У мэтах арганізацыі сістэмнай работы па пераадоленні магчымага скарачэння аб'ёмаў гандлю на пасяджэнні ВДС плануецца зацвердзіць праграмны дакумент - "Аб прыярытэтных напрамках і першачарговых задачах далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады)".
У Крамлі адзначылі, што паміж Беларуссю і Расіяй склаўся добры ўзровень супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы. Аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусь дасягнуў $6,3 млрд, беларускіх у расійскую эканоміку - $2,3 млрд.
"Рэалізацыя буйнейшага інвестыцыйнага праекта - будаўніцтва Беларускай АЭС магутнасцю 2 400 МВт - вядзецца ў строгай адпаведнасці з графікам, - падкрэслілі ў прэс-службе прэзідэнта Расіі. - Кошт кантракта - амаль $10 млрд. Запуск першага энергаблока АЭС намечаны на 2018 год".
У Крамлі таксама адзначылі, што "Газпрам" плануе інвесціраваць у развіццё газатранспартнай сістэмы Беларусі $2-2,5 млрд, у павелічэнне магутнасцей падземных сховішчаў газу - $1,1 млрд.
На пасяджэнні ВДС плануецца зацвердзіць бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год у памеры 4,872 млрд расійскіх рублёў. "Нягледзячы на негатыўныя макраэканамічныя тэндэнцыі, яго аб'ём не зніжаны ў параўнанні з 2014 годам", - падкрэслілі ў прэс-службе. У 2015 годзе 42 працэнты расходаў бюджэту прапануецца накіраваць на рэалізацыю праектаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і сувязі, 26 працэнтаў - на сацыяльную сферу, ахову здароўя і адукацыю, 17 працэнтаў - на ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і забеспячэнне бяспекі, менш як 10 працэнтаў - на ўтрыманне органаў Саюзнай дзяржавы.
Акрамя рашэнняў ВДС па пытаннях парадку дня плануецца падпісанне чатырох двухбаковых дакументаў, што рэгулююць адносіны дзвюх краін у міграцыйнай і сацыяльнай сферах. У іх ліку - пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў; пагадненне аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы; пагадненне аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд; пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 года.