25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі пройдзе 26 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Мінкультуры.
Як чакаецца, удзел у пасяджэнні калегіі прымуць міністры культуры дзвюх краін - Анатоль Маркевіч і Вольга Любімава. Будзе закранута тэма перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры.
Як адзначылі ў Міністэрстве культуры Беларусі, цяпер рэалізуецца план супрацоўніцтва паміж профільнымі ведамствамі на 2019-2021 гады. Ён прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў у сферах музейнай і бібліятэчнай справы, тэатральнага і выканальніцкага мастацтва, кінематаграфіі.
Усе мерапрыемствы, запланаваныя на 2019 год, былі выкананы. У прыватнасці, у Мінску, Лідзе, Вішневе, Бабруйску і Магілёве прайшлі Дні духоўнай культуры Расіі ў Беларусі. Прадстаўнікі дзвюх краін прынялі ўдзел у міжнародных фестывалях "Інтэрмузей" і "Славянскі базар у Віцебску", Форуме рэгіёнаў, міждзяржаўнай праграме "Брэст - культурная сталіца Садружнасці 2019", Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме. Акрамя таго, прайшлі гастролі тэатраў, выставачныя праекты, выступленні расійскіх калектываў і выканаўцаў. Адбыліся майстар-класы для студэнтаў мастацкіх і музычных ВНУ Беларусі, а таксама сумесныя пленэры. Расійскія і беларускія фільмы дэманстраваліся на міжнародных кінафестывалях на тэрыторыі дзвюх краін.
У гэтым годзе ў сувязі з эпідабстаноўкай большая частка вочных двухбаковых культурных мерапрыемстваў перанесена на другую палову года. Разам з тым установы культуры Беларусі і Расіі праводзяць абменныя мерапрыемствы анлайн.
У Мінкульце нагадалі, што з канца верасня ў Беларусі адбыліся выставы Наўгародскага дзяржаўнага аб'яднанага музея-запаведніка. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прыняў экспазіцыю стараверскіх кніг са збораў расійскага музея. У карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі прайшла выстава работ Івана Шышкіна. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава сучаснага расійскага мастацкага тэкстылю, аўтарскага касцюма і аксесуараў "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя", падрыхтаваная Усерасійскім музеем дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва.-