20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне беларуска-латвійскай міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве адбудзецца ў снежні бягучага года ў Даўгаўпілсе. Аб гэтым паведаміла сёння міністр эканомікі Латвіі Дана Рэйзніецэ-Азола на адкрыцці латвійска-беларускага бізнес-форуму ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што пасяджэнне міжурадавай камісіі пройдзе ў пачатку снежня. На гэты ж час намечаны пасяджэнне дзелавога савета Беларусі і Латвіі і бізнес-форум. Дана Рэйзніецэ-Азола выказала ўпэўненасць, што гэтыя мерапрыемствы дадуць магчымасць умацаваць эканамічныя сувязі паміж краінамі.
У сваю чаргу першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Забароўскі падкрэсліў, што наша краіна адкрыта для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і партнёрства з Латвіяй і Еўрапейскім саюзам у цэлым. "Сёння для гэтага больш магчымасцей, чым учора", - адзначыў ён. "Праекты, якія мы сёння разам робім у прамысловасці, харчовай галіне, сферы паслуг, стануць прыбаўкай для росту кааперацыі і гандлю", - дадаў першы намеснік міністра.
Латвійска-беларускі бізнес-форум - адно з мерапрыемстваў Дзён Латвіі ў Беларусі, што праходзяць з 20 кастрычніка па 20 лістапада. Арганізатарамі бізнес-форуму выступаюць Латвійскае агенцтва інвестыцый і развіцця пры падтрымцы пасольства Латвіі ў Беларусі, Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата. У адным з магазінаў на праспекце Дзяржынскага, 106 у Мінску сёння адкрыецца аддзел латвійскіх тавараў. З 21 па 23 кастрычніка пройдуць культурныя мерапрыемствы.