5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам 11-14 лютага наведае з афіцыйным візітам Польшчу. Плануецца, што адбудуцца перагаворы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Праграма візіту абмяркоўвалася сёння на сустрэчы Міхаіла Мясніковіча з паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
У прэс-службе верхняй палаты парламента праінфармавалі, што акрамя сустрэч з прэзідэнтам і прэм'ерам у праграме - перагаворы з маршаламі Сената і Сейма Станіславам Карчэўскім і Маракам Кухцінскім. Пройдзе сустрэча спікера з міністрам замежных спраў Польшчы Яцакам Чапутовічам. "У час перагавораў на высокім і вышэйшым узроўнях будуць абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня - гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, навукі, культуры і іншых сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ролі парламенцкага вымярэння ва ўмацаванні беларуска-польскіх адносін. Запланавана падпісанне дагавора паміж краінамі аб сацыяльным забеспячэнні", - расказалі ў Савеце Рэспублікі.
У праграме візіту таксама наведванне Польскай акадэміі навук. Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч пабывае ў Беластоку, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, кіраўніцтвам Падляшскага ваяводства, наведае Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт.
Беларускі бок надае вялікае значэнне маючаму адбыцца візіту, адзначыў у час сустрэчы з паслом старшыня Савета Рэспублікі. Ён выказаў надзею, што візіт будзе змястоўным і канструктыўным. "Хацелася б, каб тыя прапановы і ідэі, якія стануць прадметам абмеркавання, былі на карысць двухбаковым адносінам", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Яны, дадаў спікер, часам складваліся няпроста, аднак прынцыповых спрэчак і разыходжанняў не было. "Разам з тым мы суседзі і нашы ўзаемаадносіны маглі б быць больш дынамічнымі і сістэмнымі. Хацелася б пачуць меркаванне польскага боку наконт гэтага", - заявіў спікер верхняй палаты парламента.
Пасол выказаў упэўненасць у тым, што візіт будзе садзейнічаць выхаду двухбаковага супрацоўніцтва на новы ўзровень. "Патэнцыял для развіцця партнёрства ў Беларусі і Польшчы вялікі. Маючы адбыцца візіт - гэта добрая магчымасць абмеркаваць існуючыя прапановы і ініцыятывы", - перакананы Артур Міхальскі.
За 2018 год вартасны аб'ём беларуска-польскага тавараабароту склаў $2,5 млрд і вырас на 5,3 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам. Аб'ём беларускага экспарту ў Польшчу дасягнуў прыкладна $1,3 млрд, польскага імпарту ў Беларусь - $1,2 млрд. Сальда склалася дадатнае ў памеры $138,2 млн. За студзень - верасень мінулага года ў Беларусь паступіла $7,7 млрд замежных інвестыцый, у тым ліку з Польшчы - $342,1 млн.