4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў правядуць сумеснае пасяджэнне ў красавіку, каб заслухаць штогадовае Пасланне Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, паведаміў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на адкрыцці адзінаццатай сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пасяджэнне плануецца правесці ў красавіку гэтага года ў Авальнай зале Дома ўрада. Дата і час будуць паведамлены дадаткова", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй адно пасяджэнне ў месяц рэзервуецца для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў урада. З гэтай мэтай старшынямі палат парламента і прэм'ер-міністрам быў зацверджаны план удзелу віцэ-прэм'ераў, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых зацікаўленых у сумесных пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу ў 2016 годзе. Даты маючых адбыцца пасяджэнняў будуць агучаны пазней.
Паводле слоў спікера, сумесныя пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі ўжо ўвайшлі ў арсенал парламенцкага кантролю. "На гэтай пляцоўцы члены Савета Рэспублікі маюць унікальную магчымасць у прамым дыялогу задаць пытанні віцэ-прэм'ерам, міністрам і атрымаць адказы па актуальных пытаннях", - дадаў ён.