26 кастрычніка, Гомель /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыляцеў у Гомель для ўдзелу ў I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Борт кіраўніка ўкраінскай дзяржавы прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Гомеля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ля трапа самалёта Пятра Парашэнку сустракалі віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка, старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка, а таксама віцэ-прэм'ер-міністр - міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і ЖКГ Украіны Генадзь Зубко.
Пасля прыбыцця ў абласны цэнтр украінскі Прэзідэнт усклаў кветкі да бюста Тараса Шаўчэнкі, які быў адкрыты ў 2004 годзе ў аднайменным скверы на вуліцы Барыкіна. Потым Пётр Парашэнка паразмаўляў з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары.
Перад удзелам у пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў прэзідэнты Беларусі і Украіны правядуць двухбаковую сустрэчу. Як раней паведамлялі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы, асноўная ўвага на перагаворах будзе ўдзелена развіццю гандлю, эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін праз прызму патэнцыялу прамых кантактаў на ўзроўні рэгіёнаў.
Па выніках форуму чакаецца падпісанне шэрага дакументаў і заключэнне дамоўленасцей, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння.