16 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый Пантус і дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў на палях Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму "Армія-2022", які праходзіць у падмаскоўным парку "Патрыёт", абмеркавалі развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Інфармацыя аб гэтым апублікавана на сайце Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.
"Дзмітрый Мезенцаў наведаў шэраг стэндаў буйнейшых вытворцаў узбраення і ваеннай тэхнікі. Сярод іх і аб'яднаная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь, дзе дзяржаўны сакратар азнаёміўся з прадукцыяй ААТ "558 Авіярамонтны завод", ААТ "МЗКЦ", ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання" і іншых прадпрыемстваў абароннага сектара эканомікі братэрскай краіны. На пляцоўцы беларускага аб'яднанага стэнда адбыліся перагаворы Дзмітрыя Мезенцава і старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрыя Пантуса, на якіх бакі разгледзелі шляхі і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі", - гаворыцца ў паведамленні.
У ходзе наведвання павільёна дзяржкарпарацыі "Раскосмас" дзяржаўны сакратар азнаёміўся з дасягненнямі ў касмічнай сферы і абмеркаваў пытанні падрыхтоўкі да маючага адбыцца экспертна-медыйнага форуму "Прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі. Сумесныя праекты ў касмічнай сферы", што запланаваны на 28 верасня.
Міжнародны ваенна-тэхнічны форум "Армія" праходзіць з 15 па 21 жніўня, ён з'яўляецца адным з буйнейшых у свеце кангрэсна-выставачных мерапрыемстваў у галіне абароны і бяспекі. Яго арганізатарам традыцыйна выступае Міністэрства абароны РФ. У бягучым годзе ў форуме прымаюць удзел ваенныя дэлегацыі з 72 краін.