17 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце Санкт-Пецярбурга Пулкава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 18 ліпеня прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перагавораў кіраўнікоў дзяржаў. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Сёння прэзідэнты правядуць нефармальную сустрэчу. Чакаецца таксама, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведаюць Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр.
Асноўныя мерапрыемствы форуму рэгіёнаў пачаліся 17 ліпеня. На секцыях будуць разглядацца пытанні фарміравання агульнай адукацыйнай, інфармацыйнай прасторы, культурна-гуманітарныя праекты, супрацоўніцтва рэгіёнаў і іншыя пытанні. На экспертнай сесіі абмяркуюць стратэгічнае развіццё Саюзнай дзяржавы. Кульмінацыяй форуму стане пленарнае пасяджэнне з удзелам прэзідэнтаў 18 ліпеня. Яно будзе прысвечана міжрэгіянальным сувязям як аснове фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы дзвюх дзяржаў.
У праграме таксама пашыранае пасяджэнне нацыянальных дзелавых саветаў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі бізнесу дзвюх краін.
Плануецца, што на форуме будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі дзвюх краін, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб супрацоўніцтве.