1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Чжан Вэньчуань у ходзе цырымоніі ўручэння даверчых грамат кіраўніку беларускай дзяржавы перадаў прывітанне Аляксандру Лукашэнку ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і пацвердзіў падтрымку Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў пасла перадаць Старшыні КНР самыя добрыя пажаданні.
У сваю чаргу кітайскі дыпламат сказаў: "Я ўдастоены вялікага гонару сёння ў дзень святкавання 75-годдзя ўтварэння КНР уручыць вам даверчыя граматы. Дазвольце перадаць вам прывітанне ад старшыні Кітая Сі Цзіньпіна".
Ён адзначыў, што раней кітайскаму лідару ўжо было перададзена віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі з нагоды 75-й гадавіны ўтварэння КНР.
"Кітай і Беларусь - сапраўдныя сябры і надзейныя партнёры, адносіны якіх выбудаваны на аснове ўзаемадаверу і адкрытасці. Старшыня Сі Цзіньпін з вамі падтрымлівае самыя добрыя дружалюбныя адносіны. Пад вашым кіраўніцтвам пастаянна ўмацоўваецца кітайска-беларускае ўсепагоднае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Кітай высока ацэньвае, што беларусы заўсёды аказваюць нам рашучую падтрымку ў ключавых пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў Кітая. Кітай у сваю чаргу будзе і ў далейшым падтрымліваць шлях развіцця, выбраны Беларуссю ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі, падтрымліваць намаганні беларускага ўрада, накіраваныя на абарону свайго дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Як новы пасол я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, для ўмацавання нашых дружбы і супрацоўніцтва", - заявіў Чжан Вэньчуань.
Ён пажадаў Прэзідэнту Беларусі моцнага здароўя і дабрабыту, поспеху ва ўсіх пачынаннях.
"Дзякуй. Наконт падтрымкі не хвалюйцеся. Вам дзякуй вялікі", - адказаў кіраўнік дзяржавы.