20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка ўручыў сёння копіі даверчых грамат намесніку дырэктара Службы пратакола МЗС Францыі Жэрому Кашару. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў беларускай дыпмісіі.
У час гутаркі дыпламаты абмеркавалі графік кантактаў і мерапрыемстваў на бліжэйшую перспектыву. Пасол падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі супрацоўніцтва з Францыяй у эканамічнай, палітычнай, культурнай і іншых галінах.
Як растлумачылі ў пасольстве Беларусі, з моманту ўручэння копій даверчых грамат Ігар Фісенка мае права праводзіць рабочыя сустрэчы ў органах дзяржаўнай улады і кіравання Францыі, прымаць удзел у дыпламатычных мерапрыемствах. "З улікам бягучай сітуацыі ў Францыі ўручэнне даверчых грамат прэзідэнту краіны павінна адбыцца на працягу 2019 года", - дадалі ў пасольстве.