7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая канцэпцыя дэкрэта нумар 3 прадстаўлена на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта, паведаміла сёння журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Была створана міжведамасная рабочая група пры Савеце Міністраў, якая працуе над новай канцэпцыяй гэтага дэкрэта. Такая канцэпцыя распрацавана і прадстаўлена на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта", - растлумачыла намеснік міністра.
Святлана Шаўчэнка адзначыла, што канчатковы варыянт дэкрэта нумар 3 будзе прадстаўлены пазней. "Канцэпцыя распрацавана - цяпер давайце пачакаем вынікаў. З асноўных напрамкаў, якія прадбачацца, гэта садзейнічанне занятасці насельніцтва, а таксама выкананне ўсяго комплексу мерапрыемстваў у мэтах рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця", - падкрэсліла яна.
Намеснік міністра звярнула ўвагу, што ёсць у краіне і такая катэгорыя асоб, якія свядома ўхіляюцца ад падаткаабкладання. "Яны ведаюць заканадаўства, але ўсё ж такі выкарыстоўваюць схему ўхілення ад падаткаабкладання. І ў адносінах да такіх людзей мы вядзём работу", - расказала яна. Паводле слоў Святланы Шаўчэнка, адзін з аспектаў гэтай работы - стварэнне такіх умоў, каб грамадзяніну было выгадна добраахвотна выконваць падатковыя абавязацельствы. "Напрыклад, у нас сёння больш за 10 тыс. грамадзян займаюцца дзейнасцю самастойна - гэта не індывідуальныя прадпрымальнікі, гэта грамадзяне, якія плацяць падатак, не вядуць ніякага ўліку, не прадстаўляюць ніякіх дэкларацый. Да іх можна аднесці рэпетытараў. МПЗ хацела б пашырыць пералік такіх відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, дабавіць, напрыклад, рамонт гадзіннікаў, абутку, вытворчасць адзення і абутку з матэрыялаў заказчыка, выкананне тынкавальных, малярных, шкляных работ", - растлумачыла яна.
Паводле слоў намесніка міністра, на стварэнне ўмоў для занятасці насельніцтва накіраваны і прапановы Мінэканомікі пашырыць пералік дзейнасці, якая адносіцца да рамеснай. "Ужо распрацаваны адпаведны праект указа, які пашырае гэтыя віды дзейнасці. Акрамя таго, Міністэрства спорту і турызму падрыхтавала праект указа, які пашырае пералік паслуг, што аказваюцца суб'ектамі аграэкатурызму. Працуем мы і з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, наша мэта - стварыць для ІП такую сістэму ўліку і справаздачнасці, калі будзе вельмі проста падлічваць вынікі сваёй работы і рабіць справаздачу перад падатковым органам. Нашы прапановы ў гэтай частцы падрыхтаваны ўжо", - паведаміла Святлана Шаўчэнка.