15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нямецкая парламенцкая дэлегацыя плануе наведаць Беларусь у чэрвені. Размова аб гэтым ішла сёння на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Візіт кіраўніцтва германа-беларускай парламенцкай групы Бундэстага чакаецца 20-23 чэрвеня. Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што гэтымі днямі ў Беларусі будуць праходзіць II Еўрапейскія гульні. Беларускі бок, паводле яго слоў, рыхтуе для нямецкіх парламентарыяў насычаную праграму. "Разлічваем абмеркаваць пытанні далейшага ўзаемадзеяння", - сказаў ён.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў вялікі асабісты ўклад пасла ва ўмацаванне і актывізацыю двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, а таксама ў развіццё палітычнага дыялогу. За час дыпламатычнай місіі Петэра Дэтмара адбыўся шэраг візітаў на вышэйшым узроўні, актывізаваліся міжпарламенцкія кантакты. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана. Спікер звязвае вялікія чаканні з германа-беларускай парламенцкай групай Бундэстага і рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам ФРГ.
Вельмі важным напрамкам, па якім бакі пачалі працаваць, Уладзімір Андрэйчанка назваў супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках. Ён нагадаў, што дэпутат Бундэстага выступіла суаўтарам беларускай рэзалюцыі ў ПА АБСЕ па лічбавай эканоміцы. У гэтым годзе Беларусь падрыхтавала рэзалюцыю па пытаннях тэхналагічнага прагназавання. Спікер выказаў надзею, што дэпутаты з Германіі падтрымаюць гэты дакумент на сесіі ПА АБСЕ ў Люксембургу.
У час сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Беларусь разлічвае на прыток нямецкіх інвестыцый у рэгіёны. Петэр Дэтмар у сваю чаргу адзначыў важнасць далейшага павелічэння колькасці нямецкіх прадпрыемстваў, якія будуць працаваць у Беларусі. Ён праінфармаваў, што на сярэдзіну чэрвеня запланаваны візіты дзвюх дзелавых дэлегацый з Германіі. У планах - правесці перагаворы з кіраўніцтвам міністэрстваў, наведаць Кітайска-беларускі парк "Вялікі камень".