13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан
Назарбаеў плануе ў лістападзе наведаць з афіцыйным візітам Беларусь. Аб гэтым паведаміў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле слоў дыпламата, візіту кіраўніка дзяржавы будзе папярэднічаць пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, якое пройдзе 22 верасня ў Карагандзе. "Пасяджэнню надаецца значнасць і таму, што ў лістападзе чакаецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў Мінск", - сказаў Ергалі Булегенаў.
Ён дадаў, што абодва бакі зацікаўлены нарошчваць узаемаадносіны і не спыняцца на дасягнутым, таму на мерапрыемстве разгледзяць увесь комплекс беларуска-казахстанскага ўзаемадзеяння. "Там будзе абмяркоўвацца развіццё супрацоўніцтва па ўсіх напрамках: не толькі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, але і ў спорце, культуры, адукацыі, навуцы", - адзначыў пасол.
У час пасяджэння міжурадавай камісіі плануецца разгледзець дакументы, якія будуць падпісаны ў час візіту Нурсултана Назарбаева ў Беларусь, выпрацаваць новыя напрамкі супрацоўніцтва.