4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкананне Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС забяспечыць дадатковыя меры бяспекі, паведаміў кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў у прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Вынікі стрэс-тэстаў з'яўляюцца дадатковай мерай па павышэнні бяспекі і павелічэнні запасаў бяспекі. Калі якія-небудзь параметры не адпавядаюць патрабаванням МАГАТЭ, нацыянальнага заканадаўства, такую сітуацыю называюць дэфіцытам бяспекі, які абавязкова трэба ўстараніць. Калі пэўныя параметры, наадварот, з запасам перавышаюць патрабаванні МАГАТЭ, нацыянальнага заканадаўства, значыць, ёсць запас бяспекі", - адзначыў Алег Собалеў.
Стрэс-тэсты на АЭС па ўсім свеце сталі праводзіць пасля аварыі на японскай АЭС "Фукусіма", выкліканай моцным землетрасеннем і цунамі. У Еўропе адпаведную працэдуру стрэс-тэстаў распрацавала Еўрапейская група рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG). Такія стрэс-тэсты былі праведзены для ўсіх дзеючых у Еўропе атамных электрастанцый. "Нягледзячы на тое, што ў той час АЭС у Беларусі была на стадыі ўзвядзення, краіна таксама ў добраахвотным парадку вырашыла правесці стрэс-тэсты атамнай электрастанцыі ў 2016-2018 гадах", - удакладніў Алег Собалеў.
Першым этапам гэтай працэдуры стала самаацэнка, якую правяла Беларуская АЭС. На другім этапе па даручэнні ўрада праводзілася нацыянальная ацэнка пад агульным кіраўніцтвам Дзяржатамнагляду. Трэцім этапам стала партнёрская праверка ENSREG, па выніках якой еўрапейскія эксперты падрыхтавалі справаздачу са сваімі вывадамі.
У выніку ў 2019 годзе з'явіўся нацыянальны план дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС. Пры яго падрыхтоўцы ўлічаны прапановы і рэкамендацыі па павышэнні бяспекі, падрыхтаваныя на ўсіх трох этапах. Нацплан ёсць у адкрытым доступе на сайце Дзяржатамнагляду. Ён уключае не толькі пералік мерапрыемстваў, але і тэхнічную апісальную частку. Абазначаны 23 мерапрыемствы. Два з іх - адміністрацыйныя, звязаныя з планаваннем і справаздачнасцю, 21 - датычыцца зместу.
Як удакладніў Алег Собалеў, паводле еўрапейскай методыкі, падчас стрэс-тэстаў ацэньваюцца некалькі аспектаў. Першы - устойлівасць да паводак і землетрасенняў, экстрэмальных умоў надвор'я, аналізуецца, якім чынам АЭС будзе рэагаваць на неспрыяльныя прыродныя ўздзеянні і іх спалучэнні. Другі аспект - работа станцыі ва ўмовах страты энергазабеспячэння і цепланосбіта, трэці - кіраванне цяжкімі аварыямі. Па кожнай з трох тэм праводзіцца аналіз, прапануюцца меры па ўзмацненні бяспекі і павелічэнні запасаў бяспекі. Такія падыходы прымяняліся і падчас стрэс-тэстаў Беларускай АЭС.