18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На рэалізацыю саюзных праграм у 2018 годзе плануецца выдзеліць больш за 3 млрд расійскіх рублёў, паведаміў сёння журналістам дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота перад нарадай з прадстаўнікамі дзяржаўных заказчыкаў праграм і мерапрыемстваў СД ад Беларусі ў галінах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і абароннай прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас у агульнай колькасці (не толькі па абмяркоўваемай сёння тэматыцы) ужо сфармулявана 11 саюзных праграм, якія будуць рэалізоўвацца ў 2018 годзе. На іх рэалізацыю плануецца выдзеліць звыш 3 млрд расійскіх рублёў. На падыходзе яшчэ 12-я, магчыма, у бліжэйшыя два-тры месяцы будзе прынята рашэнне", - сказаў Рыгор Рапота.
Ён таксама падкрэсліў, што саюзныя праграмы маюць высокую эфектыўнасць. "Калі вынік рэалізацыі праграмы - інавацыйны прадукт, то яго выкарыстанне ў прамысловасці, прыбытак, які ён прыносіць, якраз і з'яўляюцца паказчыкам эфектыўнасці. Гэта датычыцца і стварэння новых матэрыялаў, напрыклад, высокамалекулярнага поліэтылену па праграмах "Кампазіт" і "Кампамат". Ёсць вельмі цікавыя напрацоўкі, цяпер нават у нафтавай прамысловасці выкарыстоўваюць гэты матэрыял", - дадаў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.
У час нарады плануецца падвесці папярэднія вынікі рэалізацыі саюзных праграм у галінах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і абароннай прамысловасці ў 2017 годзе, абмеркаваць падрыхтоўку праектаў канцэпцый новых праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы па гэтых напрамках і беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і ваенна-тэхнічнай сферах. У нарадзе прымаюць удзел прадстаўнікі сілавых структур Беларусі, міністэрстваў прамысловасці, эканомікі, фінансаў, адукацыі, канцэрна "Белнафтахім", НАН Беларусі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.