22 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў лічыць магчымым уступленне Беларусі ў СГА на працягу двух-трох гадоў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам у ходзе навукова-практычнага семінара па выкарыстанні баз даных Market Access Map і Trade Map намеснік дырэктара Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі Валерый Калеснік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што ў Беларусі даўно праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўступленні Беларусі ў СГА. Паводле яго слоў, МЗС удзяляе вялікую ўвагу гэтай рабоце. "Наша мэта прадаставіць сучасныя практычныя інструменты ўдзельнікам перагаворнага працэсу", - адзначыў Валерый Калеснік. Ён падкрэсліў, што базы даных, якія разглядаюцца на сённяшнім семінары, гэта новыя інструменты, што садзейнічаюць правядзенню перагаворнага працэсу. "У гэтых базах даных змешчана поўная інфармацыя, заснаваная на афіцыйнай статыстыцы, у тым ліку і Белстата", - сказаў ён.
Беларусь даўно падала заяўку на ўступленне ў СГА, але перагаворны працэс, на жаль, зацягнуўся, адзначыў Валерый Калеснік. "Былі моманты, калі нашы перагаворы затармазіліся, - сказаў прадстаўнік МЗС. - Цяпер бачым, што мы можам актывізаваць нашы перагаворы. І разлічваем, наколькі гэта магчыма, скончыць іх у разумныя тэрміны. Гэты тэрмін можа быць 2-3 гады. Наша галоўная мэта - узгадніць такія ўмовы, якія адпавядалі б нацыянальным інтарэсам".
У семінары ўдзельнічаюць амаль сто чалавек, у ліку якіх міжнародныя эксперты, прадстаўнікі нацыянальнай акадэміі навук.