24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма перасячэння беларуска-расійскай граніцы эфектыўная і дастатковая з пункту гледжання забеспячэння бяспекі. Аб гэтым сёння на брыфінгу заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы лічым, што існуючая практычна ўжо 20 гадоў сістэма эфектыўная, разумная і дастатковая з пункту гледжання забеспячэння бяспекі. Пры гэтым яна не адпужвае добрасумленных падарожнікаў: бізнесменаў, турыстаў, аўтаперавозчыкаў і іншых, - сказаў Дзмітрый Мірончык. - Але яе ўдасканаленне - гэта пастаянны працэс".
Пры гэтым ён адзначыў, што менавіта адсутнасць граніц паміж Беларуссю і Расіяй беларускі бок лічыць адным з найбольш значных дасягненняў у Саюзнай дзяржаве. "Гэта рэальная свабода перамяшчэння для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама трэціх краін. Ад гэтага ёсць вялікія плюсы ў чалавечым і эканамічным плане, у тым ліку за кошт прывабнасці транзіту праз Расію і Беларусь для замежных грамадзян", - дадаў прэс-сакратар.
Разам з тым Дзмітрый Мірончык падкрэсліў, што гэта зручнасць для грамадзян трэціх краін зусім не значыць бескантрольнасць: на тэрыторыю Беларусі і Расіі яны павінны прыбываць праз міжнародныя пункты пропуску і на падставе дзеючых віз.
"Больш таго, пры выдачы віз і пагранічным кантролі Беларусь і Расія арыентуюцца на адзіны спіс замежных грамадзян, уезд якіх непажаданы. Адпаведнае пагадненне паміж нашымі краінамі дзейнічае не першы год, - звярнуў увагу начальнік упраўлення. - Пры ўездзе замежныя грамадзяне атрымліваюць міграцыйныя карткі адзінага ўзору. Яны абавязаны іх прад'яўляць пры выездзе, а таксама пры кантролі ў час знаходжання на тэрыторыі нашых дзяржаў. Гэта значыць любыя злоўжыванні дастаткова лёгка выяўляюцца і караюцца".
Цяпер расійскі бок, сказаў Дзмітрый Мірончык, убачыў праблему ў адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на агульнай граніцы. "Калі нашы партнёры лічаць, што гэта для іх нязручна, тады трэба вырашаць пытанне. Варыянтаў яго вырашэння некалькі: не толькі шляхам уладкавання расіянамі пунктаў пропуску, але і праз, напрыклад, узаемнае прызнанне віз для мэт транзіту. Дарэчы, гэты механізм, створаны ў СНД, прымяняўся і расійскім, і беларускім бакамі. Але ў пачатку 2000-х менавіта Масква першай ад яго адмовілася. Цяпер гэту тэму зноў абмяркоўваюць беларускія і расійскія спецыялісты. Які варыянт выпрацуюць эксперты, паглядзім", - сказаў прэс-сакратар.
Прадстаўнік МЗС дадаў, што для беларускага боку прынцыпова, каб у той час, калі спрабуюць вырашыць гэту сітуацыю, не рабіліся рэзкія, аднабаковыя дзеянні, што ствараюць праблемы для грамадзян трэціх краін і беларускіх кампаній, у прыватнасці, перавозчыкаў і турагенцтваў.