18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў Беларусі не бачыць аб'ектыўных прычын, якія перашкодзілі б знайсці ўзаемапрымальныя развязкі ў перагаворах аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым у ведамстве заявілі 18 ліпеня ў час консульскага дня ў Facebook, паведамляе БЕЛТА.
"На наш погляд, няма аб'ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсці ўзаемапрымальныя развязкі, - сказалі ў МЗС. - Работа ідзе. Аднак гэта не аднабаковы працэс, і для руху наперад неабходна воля абодвух партнёраў. Нашы падыходы, адлюстраваныя ў тым ліку ў аднабаковым рашэнні аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян краін ЕС, відавочныя".
У міністэрстве не сталі раскрываць дэталей перагавораў, аднак адзначылі, што еўрапейскія партнёры прад'яўляюць шэраг умоў, якія ставяць беларускіх грамадзян у не вельмі камфортнае становішча. "Патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры - у іх ліку. Над вырашэннем у прыватнасці і гэтых праблемных аспектаў мы працуем сумесна з нашымі партнёрамі з ЕС", - дадалі ў ведамстве.