22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультатыўная місія МАГАТЭ па фізічнай ахове наведае Беларусь у сярэдзіне 2021 года. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Марыяна Гросі, якая прайшла ў Вене на палях 64-й сесіі Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.
"На гэтым этапе асаблівую ролю адыгрывае супрацоўніцтва з МАГАТЭ па пытаннях рэалізацыі нацыянальнай ядзерна-энергетычнай праграмы і развіцця інфраструктуры ядзернай энергетыкі. Важным складнікам гэтай работы з'яўляецца запрашэнне ў Беларусь ацэначных місій агенцтва, - адзначыў кіраўнік Мінэнерга. - З 2012-га па 2020 год праведзены сем такіх місій. Апошняя з рэкамендаваных місій для краін, якія ўпершыню пачынаюць будаўніцтва АЭС, - кансультатыўная місія па фізічнай ахове - наведае Беларусь у сярэдзіне 2021 года".
Атрыманыя па выніках работы місій рэкамендацыі і прапановы пакладзены ў аснову нацыянальных планаў дзеянняў і з'яўляюцца важным арыенцірам для Беларусі ў развіцці інфраструктуры ядзернай энергетыкі і ўдасканаленнi рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.
На ўсіх этапах будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі безумоўным прыярытэтам застаецца бяспека, падкрэсліў міністр. "Наша краіна на добраахвотнай аснове правяла стрэс-тэсты АЭС, якая будуецца, з улікам спецыфікацыі Еўрапейскай групы рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі і ў 2018 годзе прайшла партнёрскі агляд нацыянальнай справаздачы па стрэс-тэстах, - сказаў ён. - У рэчышчы практыкі ЕС у 2019 годзе Беларусь падрыхтавала Нацыянальны план дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў, які прадугледжвае меры па рэалізацыі атрыманых рэкамендацый. Гэты план выконваецца. Больш таго, мы практычна завяршылі выконваць тыя рэкамендацыі, якія эксперты ЕС абазначалі як прыярытэтныя для рэалізацыі да ўводу першага энергаблока ў эксплуатацыю".
Акрамя таго, добраахвотна беларускі бок запрасіў экспертаў ЕС правесці партнёрскі агляд Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС. Агляд будзе выкананы на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў.
Віктар Каранкевіч адзначыў: 7 лістапада адбудзецца энергетычны пуск першага энергаблока БелАЭС. У сувязі з гэтым ён запрасіў генеральнага дырэктара МАГАТЭ разгледзець магчымасць наведаць Беларусь для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.