30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяў аб спыненні вучэнняў НАТА "Абаронца Еўропы 2020" пакуль няма, паведаміў сёння журналістам міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Інтэнсіўнасць вучэнняў 16 сакавіка была зніжана ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Шэраг краін (Германія, Італія, Нідэрланды) ужо адмовіліся ад іх правядзення. Вялікабрытанія цалкам скарачае і адводзіць свае сілы і сродкі. Адменены сумежныя вучэнні на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Эстоніі. Аднак заяў, што такія вучэнні спынены, дагэтуль няма. Таму мы прадаўжаем планавую падрыхтоўку сваіх Узброеных Сіл і з улікам дзеянняў ля нашых граніц усе мерапрыемствы праводзім самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі", - сказаў Віктар Хрэнін.
Паводле слоў начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генштаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава, цяпер у Еўропе праводзяцца тры аперацыі: натаўская "Расшыраная перадавая прысутнасць" з размяшчэннем чатырох батальёнаў тактычнай групы ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі, амерыканская "Атлантычная рашучасць" і місія НАТА па ахове паветранай прасторы.
"На гэтым фоне праводзяцца вучэнні "Абаронца Еўропы 2020". Цяпер завяршаецца першы этап - перакідка войскаў. Другі этап быў запланаваны на 22 красавіка - 22 мая, але з-за пандэміі каранавіруса кіраўніцтва ЗША і аб'яднаных узброеных сіл НАТА адкарэкціравала планы. Замест перакінутых трох баявых брыгадных груп цяпер у Германіі і Польшчы сканцэнтравалася адна баявая група. Ужо адменены чатыры вучэнні, думаю, што карэктывы яшчэ будуць уносіцца па актыўным этапе гэтай аперацыі", - сказаў Павел Ціханаў.
Ён падкрэсліў, што беларускі бок не можа не хваляваць сітуацыя, калі паблізу граніц знаходзяцца групоўкі замежных узброеных сіл. "Мы праводзім планавыя мерапрыемствы", - дадаў начальнік ГРУ.
Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць не толькі стан спраў у беларускай арміі, але і ход вучэнняў НАТА "Абаронца Еўропы 2020", меры рэагавання на існуючую абстаноўку ля беларускіх граніц. "Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганне зброяй з нашага боку. Мы на сённяшні дзень вучэнні НАТА, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, так не ўспрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў. Думаю, разведка даложыць, якая там сітуацыя, і мы абмяркуем гэта пытанне, а таксама зробім далейшыя крокі па рэагаванні на тое, што адбываецца ля нашых граніц", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў упэўненасць, зыходзячы з існуючага становішча, што беларускі бок справіцца з гэтай сітуацыяй.