26 красавіка, Баку /БЕЛТА - Trend/. У Баку праходзіць VII Глабальны форум Альянсу цывілізацый ААН.
У адкрыцці форуму прымаюць удзел Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і яго жонка Мехрыбан Аліева, Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэзідэнт Мальты Марыя Луіза Калейра Прэка, вярхоўны прадстаўнік ААН па Альянсе цывілізацый Насір Абдулазіз Аль-Насер, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, старшыня Сената парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў і іншыя.
У дні работы форуму плануецца правесці пасяджэнне высокапастаўленых асоб і каля 30 сесій. Па выніках чакаецца прыняцце Бакінскай дэкларацыі.
Глабальны форум Альянсу цывілізацый ААН праводзіцца ў Баку 25-27 красавіка. У першы дзень Глабальнага форуму прайшоў маладзёжны форум.