19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні развіцця міжпарламенцкага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва абмеркаваны на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Беларусі Валерыем Кварацхелія. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.
На думку Міхаіла Мясніковіча, парламентарыі дзвюх краін маглі б больш эфектыўна супрацоўнічаць перш за ўсё ў рамках груп дружбы. "Мы маглі б актывізаваць міжпарламенцкія сувязі, што будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва нашых краін, у тым ліку паміж дзелавымі коламі. У нас добры зачын і добрыя перспектывы", - заявіў ён. У той жа час краінам трэба пераходзіць ад простага гандлю да інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння сумесных кампаній.
Беларусь таксама зацікаўлена развіваць партнёрства з Грузіяй у сферы адукацыі і навукі. "Гэта і падрыхтоўка кадраў. У нас сучасныя навуковыя школы, яны могуць быць запатрабаваны ў Грузіі", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.
У сваю чаргу пасол Грузіі адзначыў высокі інтарэс дзелавых колаў Грузіі да супрацоўніцтва з Беларуссю. У ліку перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння ён назваў IT-сферу і ахову здароўя. Што датычыцца медыцыны, то ў гэтай сферы краіны ўжо развіваюць партнёрства - у Беларусь прыязджаюць для навучання студэнты з Грузіі. Рэалізуюцца і іншыя праекты. У прыватнасці, у рамках аднаго з іх Грузія аказала Беларусі дапамогу ў пастаўцы лекавых сродкаў для лячэння гепатыту С. Прэпарат атрымалі 1,5 тыс. беларускіх пацыентаў.
Беларусь і Грузія паспяхова ўмацоўваюць двухбаковыя сувязі, дынамічна развіваецца гандаль, павялічваецца колькасць сумесных праектаў. У аснове гэтага супрацоўніцтва - узаемная павага і высокі давер паміж кіраўнікамі дзяржаў дзвюх краін. Асаблівая роля ва ўмацаванні двухбаковага партнёрства адводзіцца парламенцкаму вымярэнню.