23 лістапада, Ерэван /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей разлічвае, што маючы адбыцца 23 лістапада саміт АДКБ у Ерэване ўнясе рашучы ўклад ва ўдасканаленне арганізацыі. Аб гэтым ён заявіў журналістам напярэдадні міждзяржаўнага форуму на ўзроўні лідараў краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Чаканні таго, што саміт гэты будзе рэзультатыўным і сустрэча павінна ўнесці рашучы ўклад ва ўдасканаленне нашай арганізацыі. Трэба дабіцца сапраўды такога стану, каб шэраг іншых інтэграцыйных структур, арганізацый - рэгіянальных, міжнародных - лічыліся з АДКБ. Для гэтага мы павінны самі зрабіць усё, каб унутры нашай арганізацыі панавала карпаратыўная салідарнасць, каб мы падтрымлівалі бяспеку на прасторы АДКБ. Каб мы сапраўды стараліся пачуць адзін аднаго, калі гаворым аб нейкіх рэчах. Прэтэнзій, на жаль, будзем шчырымі, у адносінах адзін да аднаго існуе даволі шмат. І трэба гаварыць аб гэтым адкрыта і шчыра, як гэта робяць сапраўдныя сябры. Толькі так можна дабіцца тых мэт, якія перад сабой ставіш", - сказаў міністр.
Улічваючы, што Беларусі пяройдзе ад Арменіі старшынства ў АДКБ, ва Уладзіміра Макея пацікавіліся падрабязнасцямі аб прыярытэтах, якія павінен агучыць на саміце кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Міністр адзначыў, што ў цэлым пазіцыя Беларусі па пытаннях, звязаных з АДКБ, не мяняецца. "Кардынальным чынам нічога не мяняецца. Мы заўсёды выступалі за мірнае ўрэгуляванне ўсіх спрэчак і канфліктаў. За тое, што калі ствараеш арганізацыю, то яна павінна эфектыўна функцыянаваць. За тое, каб дапамагаць адзін аднаму, у тым ліку і на міжнароднай арэне, калі ажыццяўляецца неабгрунтаваны націск на тую ці іншую краіну, чаго мы, на жаль, у адносінах да Беларусі цяпер, будзем адкрыта гараварыць, не бачым. Але кардынальна пазіцыя не мяняецца. Зразумела, мяняюцца падыходы ў залежнасці ад той сітуацыі, якая складваецца ў нашым рэгіёне, свеце ў цэлым. Мы павінны гэта ўлічваць. Мы гаворым аб гэтым адкрыта і шчыра. Абсалютна адкрыты да шчырага дыялогу адносна далейшых шляхоў развіцця нашай арганізацыі", - заявіў Уладзімір Макей.
Што датычыцца прыярытэтаў, кіраўнік МЗС адзначыў, што Прэзідэнт вельмі падрабязна іх абазначыць. "Мы пастараліся падрыхтаваць іх такім чынам, каб унесці рашучы ўклад на працягу наступнага года ва ўдасканаленне ўсіх сфер дзейнасці нашай арганізацыі", - падзяліўся падрабязнасцямі міністр.
Адказваючы на пытанне БЕЛТА аб тым, ці не праходзіць цяпер АДКБ праз крызісны перыяд, улічваючы ў тым ліку шэраг лакальных ваенных канфліктаў, у якія ўцягнуты ўдзельнікі арганізацыі, міністр сказаў: "Любая арганізацыя напэўна зведвае пэўныя крызісы ў залежнасці ад развіцця міжнароднай абстаноўкі, сітуацыі ў тым ці іншым рэгіёне. Я не сказаў бы, што арганізацыя перажывае нейкія крызісныя часы, але ёсць пэўныя праблемныя моманты, аб якіх мы павінны гаварыць адкрыта. Хоць я і прадстаўляю знешнепалітычнае ведамства, але калі мы будзем гаварыць дыпламатычнай мовай аб існуючых праблемах у гэтай сітуацыі, то мы ні да якіх станоўчых вынікаў не прыйдзем. Таму трэба абмяркоўваць тыя праблемныя пытанні, якія існуюць, і спрабаваць знайсці канцэпцыю для іх вырашэння".