26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова спыніць любое ўзаемадзеянне з Саветам Еўропы, калі ён будзе прымаць нейкія праграмы па супрацоўніцтве з краінай без узгаднення з беларускім бокам. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках пасяджэння ў Мінску калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зацікаўлены супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй. Але калі справа пойдзе ў далейшым такім чынам, што Савет Еўропы будзе без узгаднення з Беларуссю прымаць нейкія рашэнні аб праграмах супрацоўніцтва з нашай краінай, то мы проста спынім любое ўзаемадзеянне з гэтай арганізацыяй", - заявіў Уладзімір Макей.
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у сваю чаргу звярнуў увагу, што заходнія калегі Беларусі і Расіі прынцыпова не хочуць паважаць міжнародныя правілы, у той жа час Савет Еўропы спрабуе навязваць свае прынцыпы нават тым краінам, якія не ўваходзяць у арганізацыю. "Я лічу гэта абсалютна недапушчальным, - падкрэсліў расійскі дыпламат. - Мы будзем дабівацца таго, каб Савет Еўропы пад нямецкім старшынствам не забываў аб такіх тэмах, якія Захад усяляк спрабуе замятаць пад дыван: ушчамленне рускамоўных жыхароў Прыбалтыкі, рэформы ў сферы адукацыі ва Украіне, уціск расійскіх сродкаў масавай інфармацыі і гераізацыя нацызму".