6 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей узначаліць беларускую дэлегацыю на чарговым пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, якое пройдзе ў Ташкенце 7 красавіка. Аб гэтым заявіў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У парадку дня пасяджэння 15 пунктаў, якія датычацца супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах, а таксама ўзаемадзеяння паміж МЗС і каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў.
Асобнае месца ў абмеркаванні зойме блок пытанняў, якія належаць да рэалізацыі рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій.
Дзмітрый Мірончык адзначыў, што прынцыпова важным для Беларусі з'яўляецца правядзенне ўзважанай і паступальнай мадэрнізацыі Эканамічнага суда СНД, прызначанай забяспечыць павышэнне эфектыўнасці яго функцыянавання.