11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску адбыліся чарговыя беларуска-нарвежскія кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін, а таксама сустрэча кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзіміра Макея з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Нарвегіі Аўдунам Халворсенам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
На кансультацыях быў прадоўжаны дыялог па актуальных пытаннях двухбаковых адносін, пачаты міністрамі замежных спраў Уладзімірам Макеем і Іне Марые Эрыксен Сарэйдэ ў час іх сустрэчы на палях Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Мілане 6-7 снежня 2018 года. Абмеркавана шырокае кола тэм беларуска-нарвежскіх адносін у палітычнай сферы, узаемадзеянне на пляцоўках міжнародных арганізацый, у першую чаргу, у ААН. Разгледжаны таксама пытанні рэгіянальнага парадку дня, перспектывы супрацоўніцтва ў мэтах умацавання ядзернай бяспекі. Бакі з задавальненнем канстатавалі пазітыўныя тэндэнцыі ў беларуска-нарвежскім гандлі і адзначылі яго ўзаемавыгадны і збалансаваны характар.
Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, нарвежскую - Аўдун Халворсен.
На сустрэчы Уладзіміра Макея з кіраўніком нарвежскай дэлегацыі бакі падвялі вынікі праведзеных кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі. Субяседнікі выказалі задавальненне тым, што дыялог паміж Мінскам і Осла набывае рэгулярны характар. Уладзімір Макей адзначыў намер беларускага боку максімальна задзейнічаць патэнцыял двухбаковых адносін і надаваць асаблівую ўвагу развіццю гандлёва-эканамічных сувязей, а таксама супрацоўніцтву ў гуманітарнай і іншых сферах.