14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Санкцыі Захаду накіраваны на татальнае разбурэнне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, на падрыў яе дзяржаўнасці. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік МЗС нагадаў, што Беларусь сутыкнулася з санкцыйным націскам пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а ў далейшым гэты націск яшчэ больш узмацніўся.
"Заходнія краіны абсалютна не зацікаўлены ў тым, каб выконваць хоць нейкія мінімальныя рамкі прыстойнасці, уводзячы гэтыя санкцыі. Мяняюцца законы толькі дзеля таго, каб пакараць тую ці іншую краіну. Яны заяўляюць аб тым, што падтрымліваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а на самай справе ўсе гэтыя санкцыі накіраваны на татальнае разбурэнне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, на падрыў дзяржаўнасці Беларусі. Мы, вядома ж, абсалютна не можам прыняць гэтыя санкцыі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён звярнуў увагу, што вынікам уведзеных у адносінах да Беларусі санкцый, якія закранулі пастаўкі калійных угнаенняў, можа стаць цяжкая сітуацыя на сусветным рынку прадуктаў харчавання. "Ужо шэраг краін заявілі аб пагрозе голаду ў сувязі з няхваткай калійных угнаенняў, а Беларусь пастаўляла практычна пятую частку калійных угнаенняў на сусветны рынак. Забылі цяпер аб пандэміі, забылі аб барацьбе з пацяпленнем клімату, а гэта ж пагрозы рэальныя і выклікі маштабныя, якія стаяць перад усім чалавецтвам. Таму думаю, што гэтыя паспешныя меры, якія былі ўведзены заходнімі краінамі, паўплываюць вельмі моцна на ўсебаковае развіццё нашай планеты ў будучым - і ў эканамічнай, і ў палітычнай, і ў прыродаахоўнай, і ва ўсіх іншых сферах", - упэўнены кіраўнік МЗС.