7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыме ўдзел у 23-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (СМЗС АБСЕ), якая адбудзецца 8-9 снежня ў Гамбургу (Германія). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Уладзімір Макей выступіць на пленарным пасяджэнні СМЗС АБСЕ, а таксама правядзе на палях мерапрыемства шэраг двухбаковых сустрэч", - адзначылі ў прэс-службе.
У ведамстве дадалі, што ў час сустрэчы СМЗС будзе абмеркаваны шырокі спектр пытанняў па ўсіх трох вымярэннях АБСЕ: ваенна-палітычным, эканоміка-экалагічным і гуманітарным.
Пасяджэнне СМЗС з'яўляецца буйнейшым штогадовым мерапрыемствам АБСЕ, на якім разглядаюць бягучую сітуацыю ў рэгіёне, ацэньваюць дзейнасць арганізацыі і вызначаюць задачы на бліжэйшую перспектыву.