14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 14-15 лістапада наведае з рабочым візітам Расійскую Федэрацыю. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў МЗС Беларусі.
У час візіту запланавана сустрэча кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Парадак дня перагавораў уключае ў сябе шырокі спектр актуальных пытанняў двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне і ў рамках міжнародных арганізацый.
Прадугледжваецца падпісанне Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018-2019 гады і Плана кансультацый на 2018 год.