22 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Расія ўзгаднілі сумесныя знешнепалітычныя дзеянні на бліжэйшую перспектыву. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей адзначыў, што ў час сустрэчы з расійскімі калегамі абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі замежных спраў, актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. У прыватнасці, падпісаны план кансультацый паміж МЗС Беларусі і Расіі на бліжэйшую перспектыву, дзе прадугледжана больш як 20 сустрэч і мерапрыемстваў.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што на сённяшнім сумесным пасяджэнні калегій закраналіся аспекты міжнароднага ўзаемадзеяння, якія датычацца МАГАТЭ, чарнобыльскай тэматыкі, а таксама па лініі рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.
Беларусь і Расія ўзгаднілі план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў у сувязі з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.
Паводле слоў міністра, мерапрыемства ў Мінску мела канструктыўны характар, адбылося адкрытае і плённае абмеркаванне шматлікіх пытанняў двухбаковага парадку дня. На думку Уладзіміра Макея, гэта дасць магчымасць вырашаць складаныя задачы, якія стаяць перад краінамі.