30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і краіны ЕС ставяць сабе адны і тыя ж мэты. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Відавочна пацяпленне адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Дзякуй богу, усе бакі змаглі знайсці ў сабе сілы і перасягнуць цераз нейкія псіхалагічныя рэчы, звязаныя з пэўным неўспрыманнем адзін аднаго. Мы зразумелі, што і Беларусь, і краіны - члены Еўрапейскага саюза, і Еўрапейскі саюз у цэлым ставяць сабе адны і тыя ж мэты: і ў сферы бяспекі, і ў сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, і ў сферы ўдасканалення грамадства і дзяржавы", - сказаў Уладзімір Макей.
Аднак пацяпленне адносін з Еўрасаюзам, паводле слоў міністра, яшчэ не азначае, што Беларусь павінна спыніцца на дасягнутым. "Яшчэ шмат трэба зрабіць, і гэта патрабуе намаганняў з усіх бакоў. Мы гатовы, таму што ў нас, яшчэ раз паўтаруся, агульныя мэты", - звярнуў увагу дыпламат.
Разам з тым Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь хоча мець добрыя адносіны не толькі з Захадам, але і з Усходам, і з Поўначчу, і з Поўднем.