3 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 9-10 лістапада наведае Маскву для ўдзелу ў сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі. Аб гэтым сёння на брыфінгу паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па запрашэнні кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь наведае Маскву з рабочым візітам для ўдзелу ў штогадовым сумесным пасяджэнні калегій двух міністэрстваў замежных спраў", - сказала Марыя Захарава.
Паводле яе слоў, праграмай візіту прадугледжаны перагаворы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, у ходзе якіх плануецца абмеркаваць бягучыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і актуальныя міжнародныя і рэгіянальныя праблемы. "У рамках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Расіі і МЗС Беларусі 10 лістапада будзе разгледжаны ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі Саюзнай дзяржавы на 2020-2021 гады, а таксама праект новай праграмы на чарговы двухгадовы перыяд, - адзначыла прадстаўнік МЗС РФ. - Таксама намечаны задачы знешнепалітычнай падтрымкі і дыпламатычнага суправаджэння работы па рэалізацыі інтэграцыйных рашэнняў Вышэйшага дзяржаўнага савета і Савета міністраў Саюзнай дзяржавы".
"Калегіі знешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць узаемадзеянне дзвюх краін на міжнародных пляцоўках па праблематыцы правоў чалавека з акцэнтам на недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а таксама пытанні супрацоўніцтва ААН з АДКБ і СНД, - падкрэсліла Марыя Захарава. - Асаблівую ўвагу бакі плануюць удзяліць стану спраў у галіне нераспаўсюджання, раззбраення і кантролю над узбраеннямі, узаемадзеянню Расіі і Беларусі па гэтай праблематыцы ў профільных шматбаковых структурах".
Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне шэрага сумесных дакументаў. "Уключаючы праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на перыяд 2022-2023 гады, план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2022 год і пастанову калегій, у якой знойдуць адлюстраванне дамоўленасці па разгледжаных пытаннях", - дадала афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ.