18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2018-2019 гадах будзе рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі МАГАТЭ "Умацаванне патэнцыялу эксплуатуючай арганізацыі для гарантавання бяспечнай і надзейнай эксплуатацыі АЭС". Адпаведная пастанова Савета Міністраў "Аб адабрэнні праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі" прынята 13 красавіка 2018 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
Актыўнае супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ пачалося ў 2008 годзе пасля прыняцця рашэнняў аб будаўніцтве Беларускай АЭС. За дзесяцігадовы перыяд рэалізавана некалькі праграм тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ, у рамках якіх праведзена значная колькасць кансультацыйных і ацэначных місій агенцтва.
"МАГАТЭ аказвае эфектыўную кансультацыйную падтрымку Беларусі, метадалагічную і тэхнічную дапамогу, прадастаўляе доступ да назбіраных за гады развіцця сусветнай ядзернай энергетыкі інфармацыйных матэрыялаў па шырокім спектры пытанняў. Супрацоўніцтва з агенцтвам будуецца зыходзячы з найбольш актуальных пытанняў для рэспублікі на гэтым этапе", - адзначылі ў прэс-службе.
Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення 3+ паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.