15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы падарылі сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўнікальны экзэмпляр перакладзенага са старажытнагрэчаскай на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання Новага Запавету, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, беларускія вучоныя працавалі над перакладам пісання 25 гадоў. "Гэта вельмі доўгая, карпатлівая праца. Але вучоныя справіліся, і сярод іх былі нашы свяшчэннаслужыцелі", - адзначыў ён.
На адным з пасяджэнняў Сінода БПЦ было прынята рашэнне вылучыць перакладчыцкую групу на саісканне прэміі "За духоўнае адраджэнне". "Спадзяёмся, што камісія, якая будзе вывучаць, разглядаць нашу кандыдатуру, падтрымае яе", - дадаў мітрапаліт.
На сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам Прэзідэнт падарыў яму абраз з выявай беларускіх святых - Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Валянціны Мінскай - на фоне Свята-Духава кафедральнага сабора. Абраз выкананы ва ўнікальнай тэхніцы - васковай тэмперы з выкарыстаннем пазалоты, натуральных і паўкаштоўных мінералаў.
У сваю чаргу патрыярх паднёс Аляксандру Лукашэнку абраз Уладзімірскай іконы Божай Маці і памятны медаль у гонар 100-годдзя аднаўлення патрыяршаства.