5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зробіць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Перагаворы лідараў краін ЕАЭС пройдуць 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу ў вузкім і пашыраным складах. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў, рэалізацыю лічбавага парадку дня Саюза, фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Акрамя таго, у парадак дня ўключаны пытанні, якія датычацца асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, канкурэнцыі на трансгранічных рынках, супрацоўніцтва ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг.
Аляксандр Лукашэнка ў гэты ж дзень прыме ўдзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД. Лідары краін падвядуць вынікі супрацоўніцтва ў бягучым годзе, абмяркуюць выкананне дасягнутых раней дамоўленасцей і далейшае развіццё ўзаемадзеяння ў фармаце Садружнасці.